«ВЯДОМО́СЬЦІ ГРОДЗЕ́НЬСКЕ»
(«Wiadomości Grodzieńskie», «Гродзенскія навіны»),
газета. Выдавалася ў ліст.—снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АН у Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)